Нацыянальны банк Рэспублiкi Беларусь 27 верасня 2011 г. уводзiць у абарачэнне памятныя манеты "Крузенштерн" серыi "Парусные корабли":
срэбную – намiналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 28,28 г, дыяметрам 38,61 мм;
медна-нiкелевую – намiналам 1 рубель, масай 13,16 г, дыяметрам 32,00 мм.
Манеты маюць форму круга, з пярэдняга i адваротнага бакоў – кант, якi выступае па акружнасцi. Бакавая паверхня манет з насечкай.
Аверс: уверсе – рэльефны вiдарыс Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь i па крузе надпiс: РЭСПУБЛIКА БЕЛАРУСЬ; у цэнтры на фоне навiгацыйнай марской карты – стылiзаваная выява ружы вятроў (на срэбнай – з нанесенай галаграмай); унiзе намiнал – 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) i 1 РУБЕЛЬ (на медна-нiкелевай); злева ад яго – год чаканкi (на срэбнай справа – проба сплаву i фiрменны (таварны) знак Манетнага двара Польшчы).
Рэверс: у цэнтры – на фоне марскога пейзажу выява аднаго з самых быстраходных паруснiкаў свету "Крузенштерн", пад ёй надпiс: КРУЗЕНШТЕРН, унiзе – паменшаная выява гэтага карабля (выгляд збоку).
Манеты адчаканены на АТ "Манетны двор Польшчы" якасцю "брыльянт–анцыркулейтэд". Тыраж срэбнай манеты – да 7000 штук, медна-нiкелевай – 2000 штук.
Памятныя манеты, што ўводзяцца ў абарачэнне, з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублiкi Беларусь, абавязковым да прыёму па намiнальным кошце пры ўсiх вiдах плацяжоў без усялякiх абмежаванняў.